ЛЕСАПРАПУСКНЫ́Я ЗБУДАВА́ННІ,

гідратэхнічныя збудаванні для пропуску сплаўнога лесу (лесасплаву). На суднаходных рэках як Л.з. выкарыстоўваюць суднаходныя шлюзы і спец. збудаванні ў складзе напорных гідравузлоў — плытаходы, на несуднаходных — лесаспускі і мех. лесацягалкі.

Плытаходы — драўляныя, бетонныя і жалезабетонныя нахіленыя латакі прамавугольнага сячэння, шырынёй да 20 м, з адной або дзвюма засаўкамі. Лесаспускі (бярвенаспускі) — латакі трохвугольнага або трапецаідальнага папярочнага сячэння для пропуску лесу россыпам (шарашом, молем). Бываюць сплаўныя (транспартуюць лес на плаву пры глыбіні вады ў латаку 0,7—0,9 дыяметра бярвён), паўсплаўныя (у паўзавіслым стане, пры слізганні па дне; вады ў латаку 0,2—0,6 дыяметра бярвён) і мокрыя (вады 0,1—0,15 дыяметра бярвён, якія слізгаюць па латаку). Лесацягалкі, папярочныя канвееры і інш. мех. прыстасаванні выкарыстоўваюць для перавалкі лесу з верхняга б’ефа ў ніжні праз грэбень плаціны пры значных напорах.

Г.Г.Круглоў.

т. 9, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)